Раніцай з машынных двароў гаспадарак даносіцца гул сельгастэхнікі. Гэта механізатары рыхтуюцца вывесці на палеткі жалезных сяброў-карміцеляў. Старанны агляд і падрыхтоўка сваіх машын – першая і святая справа для працаўнікоў, бо ў гарачы час нарыхтоўкі кармоў ні ў якім разе нельга дапускаць збояў і працаваць максімальна эфектыўна. Таму ў аграрыяў раёна настрой баявы – нарыхтаваць (ды так, каб з запасам) якасны корм для зімоўкі жывёлы. Працуюць яны не пакладаючы рук. Імклівымі тэмпамі ідзе зялёнае жніво на палях сельгаспрадпрыемства «Вядзерава».
– Зараз галоўная задача – забяспечыць жывёл збалансаванымі кармамі, – адзначае галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Фёдаравіч Краўчанка. – Па дадзеных на сённяшнюю раніцу (6 ліпеня), скасілі 845 гектараў траў, падабралі 12196 тон зялёнай масы, назапасілі 6506 тон сенажу і 166 тон сена. Асаблівую ўвагу надаём якасці кармоў, таму перш за ўсё сочым, каб захоўвалася тэхналогія. Галоўнае, каб надвор’е не падводзіла.
Але з прыродай не паспрачаешся, яна дыктуе свае ўмовы, а працаўнікам трэба іх прымаць. Нягледзячы на ўсё, травы выраслі добрыя.
На палях за плённай працай час ляціць незаўважна: пракос, яшчэ адзін, яшчэ… І так да позняга вечара. Актыўна ў гаспадарцы ідзе касьба. Ёй займаюцца Яўген Іванавіч Лявоненка і Уладзімір Іванавіч Семянькоў-малодшы на «МТЗ-1221» з касілкамі «Krone». Аляксандр Іванавіч Архіпаў і Алег Рыгоравіч Чунаеў шчыруюць на «КВК-800», Віталь Аляксандравіч Гайдукоў – на «МТЗ-82» з «ГВБ-6,2». На адвозцы задзейнічана дружнае звяно вадзіцеляў: Сяргей Уладзіміравіч Бутанаў – на «МТЗ-2822» і Аляксандр Рыгоравіч Чунаеў – на «МТЗ-3022», абодва з «ПТС-13», Аляксандр Рыгоравіч Сіроткін – на «МТЗ-1221» з «ПІМ-45», Уладзімір Леанідавіч Сазонаў з Ігарам Мікалаевічам Быкоўскім – на «МАЗах», Уладзімір Іванавіч Семянькоў-старэйшы – на «МТЗ-82» з «ПРТ-7». Аляксандр Аркадзьевіч Гайдукоў і яго «МТЗ-82» з «ПРФ-180» задзейнічаны на прэсаванні.
Трамбоўка даручана Леаніду Фёдаравічу Іванову і Аляксандру Уладзіміравічу Шаўлінскаму (накіраваны з «ДБУ №3»), якія па-майстэрску кіруюць адпаведна «Амкадорам-342» і «Амкадорам-332». Іх мы сустрэлі якраз на сянажнай траншэі, што ля фермы ў в. Крупеніна. Здалёк заўважылі, як два волаты-«Амкадоры» шчыльна прэсуюць прывезеную з палёў падвяленую масу. Толькі паспелі ўтрамбаваць адзін пласт, ужо падаспела даверху нагружаная тэхніка.
Прызвычаіўся да справы і Аляксандр Уладзіміравіч Шаўлінскі. Мужчына першы раз заняты на гэтым відзе работ, але не шкадуе і не скардзіцца. Працэс трамбоўкі ідзе бесперапынна, уночы шчыруе Аляксандр Аляксандравіч Смычкоў на «МТЗ-3022».
– Гэта ўжо сёмая траншэя, яна тон на 500-600 будзе. За дзень працаўнікі трамбуюць тон 300, бывала і 500, калі ў полі два камбайны і груз блізка везці. У нашай справе цяпер самае важнае – аператыўнасць і якасць, – рэзюмуе галоўны аграном.
Адным словам, вядзераўскі канвеер рухаецца мерна і рытмічна, як гадзіннік. А як інакш, бо, калі хтосьці дапусціць збой, уся справа спыніцца.