Close
Курс валют: $ 3.472 | € 3.614 | ₽100 3.3802 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cпасмурно

Весела адгулялі Масленіцу ў аграгарадку Астроўна

Мерапрыемства арганізавалі і правялі работнікі Астровенскіх СДК і дзіцячай школы мастацтваў. Культработнікі паказалі сапраўднае фальклорнае свята. Яркія і вясёлыя персанажы театралізаванай праграмы не давалі сумаваць: больш за дзве гадзіны сцэна належала самадзейным артыстам і вясковым салістам. <P>

Весела адгулялі Масленіцу ў аграгарадку Астроўна. Адгулялі гучна: з блінамі, песнямі, спартыўнымі забавамі і спальваннем чучала. А як па-іншаму: калі быць сціплым у святкаванні Масленіцы, рызыкуеш увесь год правесці ў няшчасці. Ва ўсялякім разе ў гэтым былі ўпэўнены нашы продкі. Ну, і жыхары аграгарадка і навакольных вёсак таксама не супраць правесці зіму і сустрэць вясну весела.


Мерапрыемства пад назвай «Масленіцу праводзім, Вясну сустракаем» арганізавалі і правялі работнікі Астровенскіх СДК і дзіцячай школы мастацтваў. Культработнікі паказалі сапраўднае фальклорнае свята. Яркія і вясёлыя персанажы театралізаванай праграмы не давалі сумаваць вяскоўцам: больш за дзве гадзіны сцэна належала самадзейным артыстам і вясковым салістам. Яны жартавалі, сыпалі прымаўкамі і прыказкамі пра Масленіцу, пелі масленічныя песні, усе разам вадзілі карагоды, танцавалі. На імправізаваную сцэну выходзіла і Зіма: якая б ні была, а пазіцый сваіх здаваць не хацела.


Арганізатары Масленіцы паставілі сабе задачу заняць спартыўнымі гульнямі дзятву, ды і дарослыя ахвотна ўключыліся ў гэтыя масленічныя забавы. Усе разам спаборнічалі ў гульнях «Хакей на снезе» і «Хто самы трапны ў кіданні валенкаў», танцавальным конкурсе, перацягванні каната. Свой уклад у стварэнне святочнага настрою зрабіў і ўладальнік аграсядзібы «Родник белых озёр», што ў вёсцы Пушкары, Ю. С. Слуцкі. Юрый Сідаравіч трымае ў сваёй гаспадарцы коней, таму ахвотна пагадзіўся арганізаваць на свяце конныя прагулкі для землякоў.


А якая ж Масленіца без бліноў? Духмянымі і румянымі, падобнымі на яскравае сонейка, з гарбатай і мёдам частавалі гасцей свята культработнікі. Шчыры дзякуй яны кажуць і тым вяскоўцам, што напяклі дома бліноў і прыйшлі на Масленіцу са сваімі пачастункамі.


Каб пакінуць памяць пра свята, на выставе «Душы загад – рук тварэнне» можна было набыць сувенір – выраб у тэхніцы пляцення з газетных трубачак – ад адмысловага майстра астровенскай зямлі Людмілы Міхайлаўны Пятроўскай і яе вучаніцы – бібліятэкара Астровенскай сельскай біблятэкі Вольгі Іванаўны Бандзёнак.


Скончылася свята па традыцыі – спальваннем чучала Масленіцы са словамі: «Гары, гары ясна, каб не згасла! Гары ярчэй, лета будзе жарчэй!». Праводзілі Зіму, спалілі ўсе непрыемнасці, крыўды і пакінулі месца Вясне, сімвалу ўсяго маладога і лепшага. Такія знакавыя народныя святы захоўваюцца недзе ў глыбіні народнай памяці. Захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Таму і верыцца, што валодаюць яны магічнай сілай. Верыцца, што і сапраўды, выканаўшы абрад, мы паскорылі наступленне вясны, падсілкавалі святочным агнём сонейка, якое з гэтага дня свеціць ярчэй і грэе мацней.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top